Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London

Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London Belarusian Library in London Over decades, it has been instrumental in encouraging Belarusian studies around the world.
(1)

The Francis Skaryna Belarusian Library and Museum is the only institution of its kind outside Belarus - collecting and providing access to the Belarusian heritage. Its collections and programme of events are open to anyone with interest in Belarus.

Вам калі-небудзь казалі «у вас такі мілы акцэнт»? 😊Менавіта так называецца новая кніга Кацярыны Оаро — пра тое, як белар...
17/09/2026

Вам калі-небудзь казалі «у вас такі мілы акцэнт»? 😊
Менавіта так называецца новая кніга Кацярыны Оаро — пра тое, як беларуска жыве ў розных краінах, сутыкаецца з іншымі мэнталітэтамі, вучыцца новай мове і новым правілам жыцьця — і расьце праз гэта. Пазнавальныя сытуацыі, нечаканыя сюжэтныя павароты, гумар і нават візуальны сторытэлінг — кніга пра эміграцыю, у якой хочацца не толькі чытаць, але і пазнаваць сябе.

26 верасьня мы запрашаем вас на прэзэнтацыю гэтай кнігі ў Скарынаўскай бібліятэцы — і гэта яшчэ і выдатная нагода наведаць саму Скарынаўку з яе гісторыяй і скарбамі: пасьля прэзэнтацыі для ўсіх жадаючых будзе экскурсія.
А потым — на выбар: царкоўная служба па-беларуску або тусоўка ў пабе 🙂
Можна прыйсьці на ўсё запар, а можна — толькі на прэзэнтацыю ці экскурсію. Галоўнае — гэта цудоўная нагода сустрэцца: чакаем пісьменьніцу, спартоўцаў, людзей з IT-сфэры — карацей, кампанію на любы густ.

🕒 26 верасьня ў 15:00
📍 37 Holden Road, Woodside Park, London N12 8HS
Заносьце 26 верасьня ў свае календары — і да сустрэчы! ❤️

Працягваем знаёміць з праграмай Моўнага сымпозіюму да 100-годзьдзя айца Аляксандра Надсана, які адбудзецца 18–19 верасьн...
11/09/2026

Працягваем знаёміць з праграмай Моўнага сымпозіюму да 100-годзьдзя айца Аляксандра Надсана, які адбудзецца 18–19 верасьня ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане і онлайн.

Адна з дакладчыц — Сьвятлана Лясовіч, старшыня Інстытута беларускае мовы, суарганізатара падзеі. Сьвятлана раскажа пра мовазнаўчую калекцыю Скарынаўскай бібліятэкі і пра тое, якія навуковыя скарбы для філолагаў захоўваюцца ў нашых фондах.

🔗 Поўная праграма сымпозіюму і рэгістрацыя для прысутных гасьцей праз Eventbrite — па спасылцы ў першым каментары. Пішыце ў асабістыя, каб атрымаць запрашэньне ў Zoom.

Працягваем знаёміць вас з праграмай Моўнага сымпозіюму да 100-годзьдзя айца Аляксандра Надсана, які адбудзецца 18–19 вер...
06/09/2026

Працягваем знаёміць вас з праграмай Моўнага сымпозіюму да 100-годзьдзя айца Аляксандра Надсана, які адбудзецца 18–19 верасьня ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане і онлайн.

Адзін з дакладчыкаў — Ўладзіслаў Гарбацкі, сацыялінгвіст, пісьменьнік і перакладнік, выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Даўні сябар і часты госьць Скарынаўскай бібліятэкі.

Уладзіслаў выступіць з дакладам "Мова ў варунках акупацыі: сацыялінгвістычныя развагі айца Аляксандра Надсана" — пра тое, як айцец Надсан разумеў ролю мовы ў часы палітычнага і культурнага ціску.

🔗 Поўная праграма сымпозіюму і рэгістрацыя для прысутных гасьцей праз Eventbrite — па спасылцы ў першым каментары. Пішыце ў асабістыя, каб атрымаць запрашэньне ў Zoom.

Запрашаем на сымпозіюм ў Скарынаўскай бібліятэцы — офлайн і онлайн.У праграме:• моўная і скарыназнаўчая спадчына айца На...
17/08/2026

Запрашаем на сымпозіюм ў Скарынаўскай бібліятэцы — офлайн і онлайн.

У праграме:

• моўная і скарыназнаўчая спадчына айца Надсана,
• пытаньні беларускае тоеснасьці і традыцыйнай культуры,
• мова дыяспары,
• рэдкія выданьні Скарынаўкі,
• рэлігійная гісторыя,
• сучасныя беларусістычныя дасьледаваньні,
• і іншае

🔗 Поўная праграма сымпозіюму і рэгістрацыя для прысутных гасьцей праз Eventbrite — па спасылцы ў першым каментары. Пішыце ў асабістыя, каб атрымаць запрашэньне ў Zoom.

Мовы: беларуская і ангельская.

9 жніўня — 100 гадоў з дня нараджэньня Янкі Запрудніка (1926–2022)Сёньня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Янкі Зап...
09/08/2026

9 жніўня — 100 гадоў з дня нараджэньня Янкі Запрудніка (1926–2022)

Сёньня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Янкі Запрудніка (сапр. Сяргей Вільчыцкі) — гісторыка, публіцыста, аднаго з найбольш выбітных дзеячоў беларускай пасьляваеннай эміграцыі, чалавека, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў беларускай справе.

Прайшоўшы шлях ад лягераў для перамешчаных асобаў у Нямеччыне празь Вялікую Брытанію, Бэльгію і Злучаныя Штаты Амэрыкі, ён стаў адным з галоўных інтэлектуалаў беларускай дыяспары і аўтарам працаў, што адкрылі гісторыю Беларусі англамоўнаму сьвету.

У калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі захоўваецца шэраг унікальных матэрыялаў, зьвязаных з жыцьцём і дзейнасьцю Янкі Запрудніка. Сярод іх — падшыўка часопіса «Наперад», які ён выдаваў разам з адзінадумцамі. Асаблівую каштоўнасьць мае першы нумар, надрукаваны яшчэ ў дарозе зь лягераў для перамешчаных асобаў у Нямеччыне ў Вялікабрытанію. У ім зьмешчаны верш маладога Запрудніка, падпісаны ягоным літаратурным псэўданімам Сяргей Ясень.

Таксама ў нашым архіве захоўваюцца партрэт Янкі Запрудніка студэнцкіх часоў працы Міхася Саўкі-Міхальскага, друкапіс ягонай доктарскай дысэртацыі з аўтарскім аўтографам, а таксама адно з галоўных дасьледаваньняў гісторыка — Belarus: At a Crossroads in History (1993) разам зь беларускім выданьнем «Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях» (1996). Гэта кніга ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў застаецца адной з найважнейшых англамоўных працаў па гісторыі Беларусі.

Сёньня споўнілася сто гадоў з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана — сьвятара, гісторыка, перакладчыка, рэлігійнага і...
08/08/2026

Сёньня споўнілася сто гадоў з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана — сьвятара, гісторыка, перакладчыка, рэлігійнага і грамадзкага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў і кіраўніка Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане. Ушаноўваючы памяць айца Аляксандра ў гэты дзень, мы працягваем асэнсоўваць ягоную ролю і значнасьць ягонага даробку.

Яшчэ пры жыцьці Аляксандра Надсана называлі чалавекам-інстытутам. Сапраўдны палімат, ён зрабіў значны ўнёсак у дасьледаваньне славянскіх старадрукаў і беларускіх татарскіх кітабаў, датаваў выданьне «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны, напісаў важныя працы па рэлігійнай гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя. Ягоная бібліяграфія налічвае больш за 200 навуковых публікацыяў, сярод якіх — грунтоўны жыцьцяпіс біскупа Чэслава Сіповіча, які выйшаў на дзьвюх мовах і стаў важнай крыніцай для дасьледнікаў гісторыі беларускае царквы і дыяспары ў Вялікабрытаніі.

Найбольш маштабнай працай айца стаў пераклад біблійных і літургічных тэкстаў. Ён першым пераклаў велізарны корпус усходняе літургіі са старажытнагрэцкай на беларускую мову. Дзякуючы ягонай працы беларуская мова замяніла царкоўнаславянскую ў якасьці мовы літургічнай малітвы — спачатку ў лёнданскай капліцы сьвятых Пятра і Паўла, дзе айцец штодня маліўся за беларускі народ, а пазьней у многіх беларускіх цэрквах у Беларусі і за мяжой.

Як апостальскі візытатар для беларусаў замежжа, ён падтрымліваў і яднаў беларускія супольнасьці па ўсім сьвеце, наведваў асяродкі дыяспары і зьвяртаўся да беларусаў з рэгулярнымі велікоднымі і каляднымі пасланьнямі на Радыё Свабода. Ён заснаваў міжнародны Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, стаўшы адным зь першых на Захадзе, хто арганізаваў гуманітарную дапамогу пасьля Чарнобыльскай катастрофы.

Імя айца Надсана непарыўна зьвязанае з Скарынаўскай бібліятэкай. Разам зь біскупам Чэславам Сіповічам і айцом Львом Гарошкам ён стаяў ля яе вытокаў, а ад моманту яе афіцыйнага адкрыцьця ў 1971 годзе быў яе нязьменным кіраўніком і бібліятэкарам. Зь ім бібліятэка прайшла поўны шлях — ад заснаваньня і фармаваньня калекцыі, збору ахвяраваньняў на яе падтрыманьне, пошуку рэдкіх кніг на аўкцыёнах і ў букіністычных крамах па ўсім сьвеце і арганізацыі кнігаабмену зь бібліятэкамі ў Беларусі да клясыфікацыі калекцыі, парадкаваньня кніг на паліцах, працы з шматлікімі дасьледнікамі і наведнікамі і ўсёй процьмы вялікіх і дробных клопатаў, зь якімі зьвязанае жыцьцё бібліятэкі. Пад ягоным кіраўніцтвам бібліятэка стала адным з найбуйнейшых дасьледчых цэнтраў беларусістыкі і асяродкаў беларускае культуры на Захадзе. У тым, чым ёсьць бібліятэка сёньня, найперш ягоная роля і заслуга.

Але можна казаць і пра адваротны працэс уплыву, бо, зьбіраючы скарбы і фармуючы калекцыю, айцец сам фармаваўся як дасьледнік. Ці авалодаў бы ён арабіцай і ці стаў бы дасьледнікам кітабаў, калі б у бібліятэчную калекцыю не патрапіў татарскі тэфсір 1725 году? Магчыма, але можна сказаць з пэўнасьцю, што наяўнасьць пэўных крыніц уплывала на тэмы айцовых дасьледаваньняў. У Скарынаўцы ён быў ня толькі бібліятэкарам, але і першым, а часам галоўным дасьледнікам і чытачом.

Сёньня ўся Скарынаўская бібліятэка ёсьць вялікім мэмарыялам айцу Надсану. Тут ён жыў, прымаў наведнікаў і гасьцей, адсюль вёў велізарную карэспандэнцыю з заходнімі славістамі і сябрамі ды паплечнікамі зь беларускіх асяродкаў Амэрыкі, Канады, Аўстраліі, Польшчы, Францыі, Нямеччыны. Тут ён наладзіў выдавецкую дзейнасьць, друкуючы на ксэраксе бюлетэні, вярстаючы на старым Макінтошы і ўласнаручна пераплятаючы літургічныя зборнікі і гістарычныя дасьледаваньні.

Дзесяцігодзьдзямі бібліятэка была месцам ягонае навуковае і перакладніцкае працы. У ягоным былым кабінэце — цяпер гэта офіс бібліятэкі — захоўваюцца дзясяткі тамоў патрапаных слоўнікаў клясычных і сучасных моваў і біблійных лексыконаў, якімі штодня карыстаўся айцец-паліглёт. Згадваюцца ягоныя словы: «Слоўнікі карысныя толькі для тых, хто ведае мову». І ў гэтай сфэры яму не было роўных. Ён быў хіба апошнім, калі не адзіным нашым кніжнікам, які спалучаў веданьне старажытных моваў і пісьмовых помнікаў старажытнае ўсходняе традыцыі з надзвычайнай начытанасьцю ў сучаснай беларускай і заходняй літаратуры і зь любоўю да народнага слова й гумару.

Добры прыклад таму — ягоныя крытычныя артыкулы, як, напрыклад, «Скарына і ананасы» (ARCHE Скарына, № 3, 2001), дзе айцец з уласьцівым яму досьціпам разьбірае псэўданавуковыя публікацыі ў скарыназнаўстве, лёгка апэруючы лацінамоўнымі крыніцамі і дарэчна ўплятаючы ў тэкст цытаты зь беларускіх клясыкаў і жыцьцёвыя ўспаміны. Гэты адметны стыль палемікі — у ім пазнаецца таксама стыль айцовых казаньняў — робіць ягоныя самыя сур’ёзныя крытычныя тэксты захапляльнай чытанкай, часам падобнай да дэтэктыву. Артыкул «Caveat Lector» (ARCHE Скарына, № 1, 2002) — яшчэ адзін яскравы прыклад таго, наколькі адрозьніваўся айцовы навуковы і крытычны падыход, прыняты ў заходняй акадэміі, ад ідэалягізаваных псэўданавуковых публікацый некаторых беларускіх дасьледнікаў рэлігійнай гісторыі і духоўнае спадчыны. І як жа трапна гучаць словы Коласавага дзядзькі Антося пра клёцкі з сокам, якія Аляксандар Надсан нязмушана цытуе, падсумоўваючы сваю навуковую рэцэнзію!

Падобны крытычны падыход айцец выкарыстоўваў у сваёй працы як перакладнік біблійных тэкстаў. Крытычныя камэнтары Аляксандра Надсана да перакладу Псалтыра, якія захоўваюцца ў архіве Скарынаўскай бібліятэкі, — гэта параўнальнае дасьледаваньне, падобнага да якога не было ў беларускай біблістыцы. Яно ў тым ліку паказвае, як памылкі ў ранніх аўтарытэтных вэрсіях Псалтыра замацоўваліся ва ўжытку і пераносіліся ў беларускія ды іншыя пераклады, і прапаноўвае новыя, абгрунтаваныя варыянты перакладу.
Важнай часткай працы айца як бібліятэкара была падтрымка англамоўнай беларусістыкі, праца з заходнімі дасьледнікамі, удзел у імпрэзах Англа-беларускага таварыства. Ягоныя навуковыя артыкулы выходзілі ў часопісе The Journal of Byelorussian Studies, тут жа ён рэгулярна публікаваў бібліяграфіі выданьняў па беларускай мове, літаратуры і гісторыі. Няпоўная бібліяграфія працаў самога айца Надсана да 2009 году, апублікаваная на сайце Часасловец, паказвае абсяг ягонага навуковага і публіцыстычнага ўнёску, які яшчэ чакае агульнанацыянальнага асэнсаваньня.

Юбілейны год дае добрую нагоду для такога асэнсаваньня. Першыя Надсанаўскія чытаньні "Разуменьне свабоды", якія прайшлі сёлета ў Вільні, мелі на мэце прыцягнуць увагу навукоўцаў і шырэйшай беларускай супольнасьці да вывучэньня жыцьця, дзейнасьці і навуковай спадчыны Аляксандра Надсана. Гэта была першая міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная яму, якая сабрала дасьледнікаў розных галінаў — мовазнаўства, гісторыі, дыяспарных дасьледаваньняў, мастацтвазнаўства, біблістыкі, а таксама сьвятароў і прадстаўнікоў беларускай супольнасьці розных пакаленьняў — тых, хто ведаў яго асабіста, і тых, хто працягвае ягоную працу сёньня.

Віленскія чытаньні адкрылі праграму навуковых мерапрыемстваў да стагодзьдзя айца Аляксандра Надсана. У верасьні Скарынаўская бібліятэка супольна зь Інстытутам беларускае мовы правядзе моўны сымпозіюм у ягоны гонар, а ў кастрычніку на канфэрэнцыі катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту памяці айца плянуецца прысьвяціць асобную сэкцыю.

Першая грунтоўная манаграфія, прысьвечаная жыцьцю і дзейнасьці айца Аляксандра Надсана, сёлета рыхтуецца да выданьня ў выдавецтве «Скарына». Яе аўтар, Уладзіслаў Гарбацкі, на працягу некалькіх гадоў зьбіраў матэрыялы, дасьледаваў архіў айцовае карэспандэнцыі, публікацыі, шматлікія інтэрвію і сьвяточныя пасланьні ў мэдыях, апытваў сучасьнікаў, навукоўцаў, сяброў і былых студэнтаў айца. Вынікам гэтай працы стаў аповед, у якім айцец Аляксандар паўстае ня толькі як выбітны сьвятар, мысьляр і дасьледнік, але і як яркая і жывая асоба, сябар і настаўнік, чалавек з надзвычайным пачуцьцём гумару, любоўю і цікавасьцю да людзей і да жыцьця.

У новай царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага літургічнае служэньне айца Аляксандра працягвае ягоны наступнік айцец Сяргей Стасевіч. 8 жніўня лёнданская беларуская супольнасьць ушанавала памяць айца Аляксандра супольнай малітвай і адведала месца ягонага спачыну на могілках у East Finchley. А таксама, на стагодзьдзе айца новае пакаленьне беларусаў пакінула ў Скарынаўскай бібліятэцы свой «Ліст у будучыню».

Да стагодзьдзя айца Аляксандра ў бібліятэцы адчынілася выстава ягоных публікацый, а таксама інтэрвію і артыкулаў, прысьвечаных айцу Аляксандру, якія публікаваліся ў беларускіх мэдыях. Наведнікі змогуць пагартаць ягоныя кнігі, артыкулы, бюлетэні і календары, многія зь якіх ён сам набіраў, вярстаў і друкаваў у Лёндане.

Жывучы ў эміграцыі і будучы носьбітам эўрапейскае інтэлектуальнае і культурнае традыцыі, айцец Аляксандар быў выразьнікам беларускае культуры і ідэнтычнасьці, зьбіральнікам і дасьледнікам беларускага скарбу. Ягоны навуковы і грамадзкі даробак і створаная ім Скарынаўка сталі нашым агульнанацыянальным набыткам. Няхай багатая спадчына айца Надсана працягвае натхняць новыя пакаленьні дасьледнікаў і працаўнікоў на беларускай ніве! Айцец калісьці сказаў сваім наступнікам: «Я зрабіў, што мог, – цяпер вы старайцеся!» То стараймася!

Караліна Мацкевіч

06/08/2026

Айца Надсана зьвязвала доўгае сяброўства з Старшынёй Рада Беларускай Народнай Рэспублікі - Рада БНР Івонкай Сурвіллай. Сёлета спадарыня Івонка ўзяла ўдзел у Надсанаўскіх чытаньнях, якія прайшлі ў красавіку ў Вільні. Ніжэй падаем лацінкаю тэкст ейнага выступу:

"Havaryłasia šmat padčas hetych Dnioŭ pamiaci, pryśviečanych ajcu Alaksandru Nadsanu, pra darahoha ŭsim nam śviatara, pra vydatnaha aŭtara, jaki napisaŭ vialikuju kolkaść navukovych pracaŭ, pra administratara Fondu dapamohi аchviaram Čarnobylu ŭ Bielarusi, pra matematyka, a pierad usim pra čałavieka, jaki paśviaciŭ žyccio svajoj Baćkaŭščynie — Biełarusi.
Chacieła b skazać z svajho boku niekalki słoŭ pra dobrazyčlivaha siabra, jakoha viedała dziesiatki hadoŭ — faktyčna ad 1951-ha hodu, jakoha bačyła na kanferencyjach, na sustrečach, na paśviačeńni biełaruskaha kryža ŭ Midłendzie i ŭ mnohich krainach śvietu, uklučna, biezumoŭna, u Finchley.
Što mianie ad samaha pačatku našaha siabroŭstva zachapiła, heta kolki ajciec Alaksandar naźbiraŭ kruhom ludziej, ź jakich chutka rabiŭ biełarusistaŭ.
Ja zaŭsiody ŭvažała, što adnym z najbolš cennych našych talentaŭ na čužynie była zdolnaść zdabyvać siabroŭ dla Biełarusi. Nieraz u našaj historyi inakš składalisia b abstaviny, kali b my mieli kruhom nas lajalnych siabroŭ. Takich u nas zaŭsiody nie chapała. Kab byŭ u prezydenta Wilsona bielaruski Padareŭski, mo nam i ŭdałosia b zachavać niezaležnaść u 1918-m hodzie...."

Чытайце тэкст выступу цалкам на нашым сайце.

На 95-годзьдзе Гая Пікарды сваімі ўспамінамі дзеліцца Jim Dingley:"Упершыню я сустрэў Гая, здаецца, у 1965 годзе — прыкл...
26/07/2026

На 95-годзьдзе Гая Пікарды сваімі ўспамінамі дзеліцца Jim Dingley:

"Упершыню я сустрэў Гая, здаецца, у 1965 годзе — прыкладна тады ж, калі пазнаёміўся з Англа-беларускім таварыствам. Сустрэча адбылася ў памяшканьні лёнданскага Таварыства антыквараў у Бэрлінгтан-Гаўзе. Я быў уражаны яшчэ да пачатку сустрэчы. Цяпер я ўжо не памятаю, пра што была лекцыя, але добра памятаю уладкаванага ў даволі вялікім фатэлі старшыню, які ўзвышаўся над усімі, што цалкам адпавядала ягонаму статусу. Старшынём быў Гай..."

Чытайце па спасылцы ў першым камэнтары.

Address

37 Holden Road
London
N128HS

Alerts

Be the first to know and let us send you an email when Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London posts news and promotions. Your email address will not be used for any other purpose, and you can unsubscribe at any time.

Share