31/05/2026
Апошнія тыдні ва Украіне даволі часта здараюцца залевы з ветрам, маланкамі і громам. Але для правядзення пэўных аперацый такое надвор'е можна назваць нават файнай пагодай.
Група параненых пехацінцаў 5-га цэнтра, пераважна — з краін Лацінскай Амерыкі, некалькі дзён намагалася дабрацца з населенага пункта блізу лініі баявога сутыкнення да найбліжэйшага цэнтра эвакуацыі . Сітуацыя ўскладнялася тым, што адзін з ваяроў не мог самастойна перасоўвацца.
Каліноўцы вызваліся дапамагчы пабрацімам. Каб трохі знізіць рызыкі аперацыі па эвакуацыі, яе запланавалі на час вялікай залевы і моцнага ветру. Гэта забяспечвае адносна чыстае ад варожых БПЛА неба, аднак мае свае мінусы ў выглядзе размытай дарогі. У чым вы можаце пераканацца па нашым відэа з месца падзей.
Эвакуацыя адбывалася на аўто, які спецыяльна для выканання задачы быў пераабсталяваны ў аналаг лёгкага квадрацыкла. Аперацыя прайшла паспяхова і параненых даставілі ў стабілізацыйны пункт, дзе яны атрымалі ўсю неабходную медыцынскую дапамогу. Цяпер яны праходзяць рэабілітацыю ў адным з вайсковых шпіталяў, а байцы Палка Каліноўскага працягваюць выконваць свае баявыя задачы.