Вялі́кае Кня́ства Літо́ўскае, Ру́скае й Жамо́йцкае[а 1] — фэўдальная эўрапейская дзяржава, якая займала тэрыторыю сучасных Беларусі і Летувы, а таксама Ўкраіны (Кіеўшчына, Чарнігаўшчына і Валынь, да 1569 году), Расеі (Смаленшчына і Севершчына, да сярэдзіны XVII ст.) і Польшчы (Падляшша, да 1569 году). Першая сталіца — Наваградак, з 1323 году — Вільня.
Узьнікла ў сярэдзіне XIII ст. на беларускіх землях верхняга і сярэдняга Панямоньня (Літва старажытная) і землях у вярхоўі ракі Вяльлі[1][2]. У 1569 годзе ўтварыла саюзную дзяржаву з Каралеўствам Польскім — Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Спыніла сваё існаваньне ў выніку яе трэцяга падзелу ў 1795 годзе[3].
Назва і тытул
Назва Вялікага Княства і тытул гаспадара зьмяняўся зь цягам часу ў залежнасьці ад ягоных межаў і дзяржаўнай будовы.
У сярэдзіне XIII — пачатку XIV стагодзьдзях дзяржава называлася толькі Літвой. Так, у грамаце вялікага князя Міндоўга (1254) ён значыцца «каралём Літвы». Па далучэньні да Вялікага Княства Літоўскага Кіеўскай і іншых украінскіх зямель гаспадар называўся «кароль ліцьвінаў і многіх русінаў»[4]). Па далучэньня часткі Латвіі вялікі князь Гедымін пачаў называцца «кароль ліцьвінаў і русінаў, валадар і князь Зэмгаліі». Па далучэньні Жамойці (сучаснай цэнтральнай і заходняй Летувы[5]) у сярэдзіне XV ст. вялікі князь тытулюецца як «великий князь... всее Литовское земли и Жомойтское и многих Руских земель». У Статуце 1529 году значылася «Права писаныя даны панству Великому князьству Литовскому, Рускому, Жомойтскому и иныя через наяснейшого пана Жикгимонта, з Божее милости короля полского, великого князя литовского, руского, пруского, жомойтского, мазовецкого и иных»[6].
Аднак па складаньні Люблінскай уніі (1569) і далучэньні Ўкраіны да Польшчы краіна пачала звацца толькі Вялікім Княствам Літоўскім, хоць сам гаспадар працягваў тытулявацца вялікім князем літоўскім, рускім, прускім, жамойцкім, мазавецкім, а па далучэньні ў 1561 годзе Інфлянтаў — і інфлянцкім[7].
У афіцыйных дакумэнтах для пазначэньня дзяржавы выкарыстоўваліся назвы: «Вялікае Княства Літоўскае», «гаспадарства», «панства», «Рэч Паспалітая»; апошняя ўжывалася як пры пазначэньні толькі Княства, так і супольнай з Польшчай канфэдэратыўнай дзяржавы[7].
Да Люблінскай уніі
Утварэньне
📷Межы старажытнай Літвы паводле М. ЕрмаловічаАсноўны артыкул: Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага
Вытокі беларускай дзяржаўнасьці адносяцца ад узьнікненьня Полацкага і Тураўскага, а пазьней Гарадзенскага, Наваградзкага, Смаленскага і іншых княстваў, а створаная ў гэты час матэрыяльная і духоўная культура стала падмуркам дзяржаваўтваральных працэсаў ў XIII—XIV стагодзьдзях[1] Падобныя працэсы былі праявай і арганічнай часткай мірнага балта-славянскага ўзаемадзеяньня ў біэтнічным рэгіёне верхняга Панямоньня[8].
Пераход балта-славянскага сымбіёзу на новую ступень эвалюцыі адбыўся з прычыны разбурэньня палітычнай сыстэмы Ўсходняй Эўропы (агрэсія Інфлянцкага і Тэўтонскага ордэнаў, мангола-татарская навала)[9]. Утварэньне Вялікага Княства Літоўскага дало магчымасьць насельніцтву краю абараніць сваю незалежнасьць і стварыць умовы для далейшага сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага разьвіцьця.
Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Наваградку паўстала каля 1240-х гадоў, калі на запрашэньне мясцовых баяраў тут пачаў княжыць Міндоўг. Абарону краю ачоліў наймацнейшы, правераны ў баëх і выправах ваенны правадыр, этнічнае паходжаньне якога ня мела істотнага значэньня, асабліва ў рэгіёне, дзе два этнасы вякамі жылі ўперамешку[9]. Да прыходу Міндоўга цэнтар Гарадзенскага княства перасунуўся ў Наваградак, дзе валадарыў князь Ізяслаў, які, хутчэй за ўсë, мірна перадаў уладу й некаторы час браў удзел у выправах Міндоўга на польскія землі.
Працэс фармаваньня новай дзяржавы быў даволі працяглым і адбываўся шляхам дынастычных шлюбаў, пагадненьняў (у рэдкіх выпадках захопу) паміж асобнымі княствамі пры захаваньні палёгак, прывілеяў і пэўнага самакіраваньня (паводле прынцыпу «старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць»). Упершыню гэты мэханізм быў выкарыстаны ў дачыненьні Полацку ў 1307годзе па ўваходжаньні Полацкага княства ў склад ВКЛ, хоць да ўваходжаньня княства ў ім і раней кіравалі літоўскія князі (Таўцівіл). У дачыненьні да Панямоньня прынцып падобнай аўтаноміі невядомы.
Неўзабаве да Вялікага Княства Літоўскага добраахвотна[1] далучылася рэшта ўдзельных княстваў на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Полацак — у 1307 годзе; Віцебск — у 1320 годзе; Берасьце, Менск, Тураў і Пінск — у 1320—1330-я[10] гады; Амсьціслаў — у 1358 годзе. Найбольш пасьпяхова працэсы аб’яднаньня беларускіх зямель праходзілі ў часе княжаньня Гедыміна (1316—1341). Важным ягоным дасягненьнем было стварэньне незалежнай ад Масквы Літоўскай праваслаўнай мітраполіі з цэнтрам у Наваградку. Адначасна Гедымін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі.
Далейшае разьвіцьцё
Значныя тэрытарыяльныя набыткі Вялікае Княства Літоўскае атрымала ў часе княжаньня Альгерда (1345—1377). За ім у склад дзяржавы ўвайшлі Чарнігаўска-Северская, Падольская, Валынская і Кіеўская землі, Смаленскае княства, а таксама Жамойць[11]. У выніку, землі сучаснай Беларусі занялі цэнтральнае месца, што забясьпечыла рост іхнай эканомікі, разьвіцьцё культуры, умацаваньне беларускай (гістарычнай рускай або літоўскай) мовы як афіцыйнай[12][13].
📷Мапа Вялікага Княства Літоўскага, па 1757
На працягу XIV ст. не спынялася барацьба супраць Тэўтонскага ордэна, аднак яна мела зьменлівы посьпех. Тым часам у выніку разгрому татараў у бітве на Сініх Водах (1362) на доўгі час атрымалася адвесьці пагрозу іхных набегаў ад паўднёвай часткі дзяржавы. Каб ня даць Маскве перашкодзіць аб’яднаньню зямель сучаснай Беларусі, вялікі князь Альгерд учыніў на яе тры выправы — у 1368, 1370 і 1372 гадох.
Па сьмерці Альгерда абвастрыўся канфлікт паміж Кейстутам, ягоным сынам Вітаўтам і новым вялікім князем Ягайлам. Гэта значна аслабіла дзяржаву, чым скарысталіся крыжакі, якім у 1382годзе Ягайла мусіў саступіць землі Жамойці. 3 мэтай процідзеяньня зьнешняй небясьпецы, што таксама пагражала суседняму Каралеўству Польскаму, і ўмацаваньня сваёй улады вялікі князь склаў пэрсанальны хаўрус з Польшчай — Крэўскую унію (1385). Па атрымальні польскага стальца ён мусіў далучыць да Каралеўства Польскага Вялікае Княства Літоўскае. Аднак супраць падпарадкаваньня Польшчы выступіў Вітаўт, які ачоліў унутрыдзяржаўную барацьбу. Міжусобная вайна паміж Вітаўтам і Ягайлам скончылася Востраўскім пагадненьнем(5.08.1392), паводле якога Вялікаму Княству Літоўскаму гарантавалася самастойнасьць у палітычным зьвязе з Польшчай (незалежны ўрад, скарб, войска), а вялікім князем абвяшчаўся Вітаўт. Пагадненьне таксама забараняла палякам набываць ці атрымліваць у спадчыну землі ў Вялікім Княстве. Аднак Вітаўт прагнуў поўнай незалежнасьці, з гэтай мэтай ён намагаўса атрымаць каралеўскі тытул і карону.
Для ўмацаваньня сваёй улады Вітаўт ліквідаваў некалькі ўдзельных княстваў (у Полацку, Віцебску, Ноўгарадзе-Северскім, Кіеве, на Валыні і ў Падольлі). У дачыненьнях з Тэўтонскім ордэнам ён, як і папярэднікі, мусіў выкарыстоўваць Жамойць у якасьці разьменнай манэты (вядома, што Вітаўт чатырохразова — у 1384, 1390, 1398 і 1404 гадох перадаваў яе крыжакам). Толькі па Бітве пад Грунвальдам (1410), да якой большая частка цяперашняй Летувы знаходзілася пад акупацыяй крыжакоў, адбылося канчатковае далучэньне гэтых зямель да Вялікага Княства[14].
Да 1430 году Вялікае Княства Літоўскае дасягнула сваёй максымальнай магутнасьці і тэрытарыяльных межаў «ад мора да мора»[15]: найбольш усходнім пунктам дзяржавы стала Тула[16], на ўзьбярэжжы Чорнага мора паўстаў шэраг умацаваных замкаў — Дашаў, Кацюбееў, Чорны Горад і інш.
Вялікае Княства Літоўскае ў Паўночным Прычарнамор'і
Па сьмерці Вітаўта паміж ягоным братам Жыгімонтам і новым вялікім князем Сьвідрыгайлам распачалася зацятая барацьба за ўладу. У 1432 годзе выбухнула грамадзянская вайна, якая працягвалася да 1439 году і скончылася перамогай Жыгімонта. Гэтая вайна ахапіла толькі вярхі фэўдалаў, мела дынастычны характар і была барацьбой за палітычную ўладу[17].
З 2-й пал. XV ст. узмацнілася пагроза з боку Крымскага ханства, несупынныя набегі якога значна пасунулі на поўнач межы дзяржавы. У 1506 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага разьбіла татараў пад Клецкам, па чым буйныя татарскія набегі на Беларусь не паўтараліся[18].
У кан. XV ст. абвастрыліся дачыненьні з Маскоўскай дзяржавай, што прывяло да несупынных ваенных канфліктаў (у 1492—1494, 1500—1503, 1507—1508, 1512—1522, 1534—1537 гадох). З аднаго і з другога боку былі перамогі і паразы. Масква таксама інсьпіравала ўнутраныя канфлікты ў дзяржаве[19].
Уся захопніцкая палітыка Маскоўскай дзяржавы ажыцьцяўлялася пад эгідай абароны праваслаўя[19].